Памер шрыфту
Чытаньне за 20 студзеня 2017:


2-е пасланьне Пятра 1.1-10

1. Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
2. мілата і мір вам хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3. Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
4. якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся супольнікамі Божае Прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце,
5. дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,
6. у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,
7. у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.
8. Калі гэта ў вас ёсьць і памнажаецца, дык вы не застаняцеся бяз удачы і плёну ў спазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;
9. а ў кім няма гэтага, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся пра ачышчэньне ад ранейшых грахоў сваіх.
10. А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся,

Евангельле паводле Марка 13.1-8

1. І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!
2. Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.
3. І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:
4. скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?
5. Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
6. бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.
7. А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.
8. Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.