Памер шрыфту
Чытаньне за 24 студзеня 2017:


2-е пасланьне Пятра 2.9-22

9. дык, вядома, ведае Гасподзь, як асланяць пабожных ад спакусы, а беззаконцаў захаваць да дня суднага, на пакараньне,
10. а асабліва тых, якія ідуць па сьледзе брудных пахацінстваў плоці, пагарджаюць уладамі, дзёрзкія, самавольнікі, і не баяцца ліхасловіць вышэйшых,
11. тым часам як анёлы, большыя за іх моцай і сілай, не нясуць на іх да Госпада дакорлівай асуды.
12. Яны, як бязмоўныя жывёлы, якіх водзіць іхняя прырода, народжаныя на ўпаляваньне і вынішчэньне, ліхасловячы тое, чаго не разумеюць, у разбэшчанасьці сваёй вынішчацца;
13. яны атрымаюць помсту за беззаконьне: бо яны бачаць асалоду ў штодзённай распусьце; паганьбенцы і паскуднікі, яны цешацца з ашукаў сваіх, банкетуючы з вамі;
14. вочы ў іх поўныя юру і няспыннага грэху; яны вабяць нямоцныя душы; сэрца ў іх прывучана да любазьдзірства: гэта - сыны пракляцьця;
15. пакінуўшы простую дарогу, яны заблудзіліся і пайшлі па сьлядах Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату несправядлівую,
16. але быў выкрыты ў сваім беззаконьні: нямая асьліца, загаварыўшы чалавечым голасам, спыніла безгалоўе прарока.
17. Гэта - бязводныя крыніцы, хмары і туманы, гнаныя бураю: ім падрыхтаваны морак вечнай цемрадзі.
18. Бо, прамаўляючы пыхлівае пустаслоўе, яны надзяць пажадаю цела і распустаю тых, што ледзьве ўцяклі ад замарочаных аблудаю;
19. абяцаюць ім свабоду, а самыя рабы тленьня; бо, хто кім пераможаны, той таму і раб.
20. Бо, калі, унікнуўшы нечысьці сьвету праз спазнаньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, зноў заблытваюцца ў іх і перамагаюцца імі, дык апошняе для такіх бывае горш за першае.
21. Лепей бы ім не спазнаць дарогі праўды, чым, спазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім сьвятой запаведзі.
22. Бо здараецца зь імі як у той праўдзівай прымаўцы: сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце.

Евангельле паводле Марка 13.14-23

14. А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, - хто чытае, хай разумее, - тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
15. а хто на даху, той не сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;
16. і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.
17. Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.
18. Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.
19. Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога не было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.
20. І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.
21. Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстос, альбо: вунь, там», - ня верце.
22. Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.
23. А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё.