Памер шрыфту
Чытаньне за 27 студзеня 2017:


1-е пасланьне Яна Багаслова 2.7-17

7. Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
8. Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.
9. Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.
10. Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.
11. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.
12. Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
13. Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.
14. Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.
15. Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
16. бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
17. І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.

Евангельле паводле Марка 14.3-9

3. І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, - прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву.
4. А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра?
5. бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе.
6. Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
7. Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце.
8. Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне.
9. Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна.