Памер шрыфту
Чытаньне за 28 студзеня 2017:


2-е пасланьне да Цімафея 3.1-9

1. Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.
2. Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,
3. непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,
4. здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,
5. з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.
6. Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,
7. заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.
8. Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.
9. Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.

Евангельле паводле Лукаша 20.45-21.4

45. І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
46. Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,
47. якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.
1. І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;
2. убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,
3. і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;
4. бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.