Памер шрыфту
Чытаньне за 29 студзеня 2017:


Евангельле паводле Лукаша 24.1-12

1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;
2. але знайшлі камень адвалены ад магілы,
3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.
4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ўстроях бліскучых.
5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя
9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім.
10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.
12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.

1-е пасланьне да Цімафея 4.9-15

9. Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
10. Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
11. Прапаведуй гэта і вучы.
12. Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
13. Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
14. Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
15. Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.

Евангельле паводле Лукаша 19.1-10

1. Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго.
2. І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты,
3. стараўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту;
4. і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе.
5. Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме.
6. І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю.
7. І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека.
8. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць.
9. Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў;
10. бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула.