Памер шрыфту
Чытаньне за 31 студзеня 2017:


1-е пасланьне Яна Багаслова 3.11-20

11. Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго,
12. ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.
13. Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
14. Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
15. Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.
16. Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.
17. А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая?
18. Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.
19. І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;
20. бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.

Евангельле паводле Марка 14.10-42

10. І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
11. А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
12. У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем.
13. І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім,
14. і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?».
15. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам.
16. І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
17. Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю.
18. І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне.
19. Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я?
20. А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы.
21. Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.
22. І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё.
23. І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе.
24. І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная.
25. Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.
26. І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную.
27. І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі»,
28. а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі.
29. Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я.
30. І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
31. Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі.
32. Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся.
33. І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца.
34. І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце.
35. І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая;
36. і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты.
37. Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны?
38. чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
39. І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова.
40. І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць.
41. І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам;
42. устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.