Памер шрыфту
Чытаньне за 17 студзеня 2018:


1-е пасланьне Яна Багаслова 3.21-4.6

21. Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
22. і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.
23. А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.
24. І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.
1. Любасныя! ня кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо многа ілжэпрарокаў зьявілася ў сьвеце.
2. Духа Божага (і духа аблуды) пазнавайце так: кожны, які вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ёсьць Божы;
3. а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці, ня ёсьць Божы, а гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
4. Дзеці! вы Божыя, і перамаглі іх; бо Той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьвеце.
5. Яны ад сьвету, таму і гавораць па-сьвецку, і сьвет слухае іх.
6. Мы Божыя: хто ведае Бога, той слухае нас; хто ня Божы, той ня слухае нас. Вось па гэтым пазнаём духа ісьціны і духа аблуды.

Евангельле паводле Марка 14.43-15.1

43. І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын.
44. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна.
45. І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго.
46. А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.
47. А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха.
48. Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне;
49. кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні.
50. Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
51. Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго.
52. Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх.
53. І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі.
54. Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню.
55. А першасьвятары і ўвесь сінэдрыён шукалі сьведчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго сьмерці, і не знаходзілі,
56. Бо многія сьведчылі ілжыва на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя.
57. І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі:
58. мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны».
59. Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае.
60. Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць?
61. Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?
62. Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
63. Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі?
64. вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці.
65. І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках.
66. Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая
67. і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.
68. Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень.
69. Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх.
70. Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная.
71. А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце.
72. Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.
1. І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.