Памер шрыфту
Чытаньне за 19 красавіка 2017:


Дзеі Апосталаў 2.22-36

22. Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,
23. Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;
24. але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.
25. Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.
26. Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,
27. бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.
28. Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім».
29. Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;
30. а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,
31. ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.
32. Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.
33. І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.
34. Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
35. пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх».
36. Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.

Евангельле паводле Яна 1.35-51

35. На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
36. і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
37. Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
38. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, - што азначае: настаўнік, - дзе жывеш?
39. Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.
40. Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.
42. І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азаначае: камень !Пётр).
43. На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.
44. А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.
45. Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.
46. Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.
47. Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.
48. Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
49. Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты - Сын Божы. Ты - Цар Ізраілеў.
50. Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.
51. І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.