Памер шрыфту
Чытаньне за 5 лютага 2018:


3-е пасланьне Яна Багаслова 1.1-15

1. Старац - любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
2. Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
3. Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
4. Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
5. Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
6. яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
7. бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
8. Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
9. Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
10. Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
11. Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
12. Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
13. Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
14. спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
15. Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 19.29-40, 22.7-39

29. І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
30. сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце;
31. і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.
32. Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
33. А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня?
34. Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду.
35. І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
36. І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе.
37. А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны,
38. кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!
39. І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім.
40. Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць.
[...]
7. І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
8. і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
9. А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
10. Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
11. і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
12. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
13. Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
14. І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
15. і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
16. бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
17. І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
18. бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
19. І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
20. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
21. і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
22. у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
24. А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
25. Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
26. а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
27. Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
28. Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
29. і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
30. каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
31. І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
32. але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
33. Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
34. Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
35. І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
36. Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
37. бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
38. Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
39. І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.