Памер шрыфту
Чытаньне за 6 лютага 2018:


Пасланьне Юды 1.1-10

1. Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
2. міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
3. Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне - паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
4. Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
5. Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
6. і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
7. Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, -
8. гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
9. Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д'яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
10. А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.

Евангельле паводле Лукаша 22.39-42, 45-23.1

39. І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
40. А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
41. І Сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
42. кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
[...]
45. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
46. і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
47. Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
48. А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
49. Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
50. І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.
51. Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.
52. А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!
53. Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер - ваш час і ўлада цемры.
54. Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.
55. Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.
56. Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.
57. Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.
58. Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.
59. Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.
60. Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.
61. Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
62. І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
63. Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;
64. і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?
65. І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.
66. І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,
67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;
68. калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;
69. ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.
70. І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.
71. А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!
1. І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,