Памер шрыфту
Чытаньне за 8 лютага 2018:


Пасланьне Юды 1.11-25

11. Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
12. Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта - бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
13. раз'юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
14. Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх -
15. чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
16. Гэта - наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
17. Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
18. яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.
19. Гэта - людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
20. А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
21. захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
22. і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
23. а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
24. А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
25. адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 23.1-34, 44-56

1. І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
2. І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.
3. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
4. Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5. Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.
6. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?
7. І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.
8. Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,
9. і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.
10. А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.
11. Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.
12. І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.
13. А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,
14. сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ўчым тым, у чым вы Яго вінаваціце;
15. і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;
16. дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
17. А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.
18. Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.
19. Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.
20. Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.
21. Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!
22. Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
23. Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.
24. І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,
25. і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.
26. І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў зполя, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27. І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
28. А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;
29. бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!
30. Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!
31. бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?
32. Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.
33. І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.
34. А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.
[...]
44. Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай:
45. і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне.
46. Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух.
47. А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік.
48. І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі.
49. А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
50. Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы,
51. які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага,
52. прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;
53. і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.
54. Дзень той быў пятніца, і настала субота.
55. Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае;
56. а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.