Памер шрыфту
Чытаньне за 10 лютага 2018:


Пасланьне да Рымлянаў 14.19-26

19. Дык вось, будзем імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнай навуцы.
20. Дзеля ежы ня руйнуй дзеяў Божых: усё чыстае, але блага чалавеку, які есьць зь нядобрым сумленьнем.
21. Лепей ня есьці мяса, ня піць віна і не рабіць нічога такога, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спакушаецца, альбо зьнемагае.
22. Ты маеш веру? май яе сам у сабе, перад Богам. Дабрашчасны, хто не асуджае сябе за тое, што выбірае.
23. А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаецца, бо не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, грэх.
24. А Таму, Хто можа сьцьвердзіць вас, паводле зьвеставаньня майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця тайны, пра якую ад вечных часоў маўчалася,
25. але якая цяпер яўлена і празь Пісаньні прарочыя, па загадзе вечнага Бога, абвешчана ўсім народам для скарэньня іх веры,
26. адзінаму мудраму Богу, празь Ісуса Хрыста, слава навекі. Амін.

Евангельле паводле Мацьвея 6.1-13

1. Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
2. Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.
3. У цябе ж, калі даеш міласьціну, няхай ня ведае левая рука твая, што робіць правая,
4. каб міласьціна твая была ў тайнасьці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
5. І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, што любяць у сынагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6. Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
7. А молячыся, не гаварэце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;
8. дык ня будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.
9. Дык вось, малецеся так: Войча наш, Які ёсьць на нябёсах! Хай сьвяціцца імя Тваё;
10. хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі;
11. хлеб наш надзённы дай нам сёньня;
12. і даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі;
13. і не дапусьці нас да спакусы, але ратуй нас ад ліхога; бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін.