Памер шрыфту
Чытаньне за 12 лютага 2018:


Кніга Быцьця 1.1-13

1. На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
2. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.
3. І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.
4. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.
5. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.
6. І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.
7. І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
8. І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
9. І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.
10. І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
11. І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.
12. І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
13. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 1.1-20

1. Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
2. Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
3. засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
4. прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;
5. паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
6. каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
7. Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
8. Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
9. бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
10. Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
11. Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
12. жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
13. набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
14. далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:
15. Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
16. бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
17. На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
18. а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
19. Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
20. Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,