Памер шрыфту
Чытаньне за 13 лютага 2018:


Кніга Быцьця 1.14-23

14. І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;
15. і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.
16. І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;
17. і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,
18. і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
19. І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.
20. І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.
21. І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
22. І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ўморах, і птушкі хай множацца на зямлі.
23. І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 1.20-33

20. Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
21. на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
22. «Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
23. паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
24. Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
25. і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
26. за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
27. калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
28. Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
29. За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
30. не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
31. за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
32. Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
33. А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».