Памер шрыфту
Чытаньне за 1 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 1.24-2.3

24. І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.
25. І стварыў Бог жывёлу зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
26. І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.
27. І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.
28. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.
29. І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, - вам гэта будзе ежаю:
30. а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу. І сталася так.
31. І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.
1. Так створаны неба і зямля і ўсё войска іх.
2. І закончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў,
3. і дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 2.1-22

1. Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,
2. і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,
3. калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;
4. калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:
5. тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.
6. Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго - веды і розум;
7. Ён дае праведным выратаваньне; Ён - шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
8. Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.
9. Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.
10. Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:
11. тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,
12. каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,
13. ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;
14. ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,
15. у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;
16. каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,
17. якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.
18. Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе - да мёртвых;
19. ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.
20. Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
21. бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;
22. а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.