Памер шрыфту
Чытаньне за 3 траўня 2018:


Дзеі Апосталаў 14.20-27

20. Калі ж вучні сабраліся каля яго, ён устаў і пайшоў у горад, і на другі дзень адышоў з Варнавам у Дэрвію.
21. Абвясьціўшы Дабравесьце гэтаму гораду і прыдбаўшы многа вучняў, яны пайшлі назад празь Лістру, Іканію і Антыахію,
22. мацуючы душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры і павучаючы, што праз многія скрухі належыць нам увайсьці ў Царства Божае.
23. А рукапаклаўшы ім прасьвітараў у кожнай царкве, яны памаліліся з постам іперадалі іх Госпаду, у Якога ўверавалі.
24. Потым, прайшоўшы празь Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію;
25. і, прапаведаўшы слова Гасподняе ў Пэргіі, выйшлі ў Аталію,
26. а адтуль адплылі ў Антыахію, адкуль былі аддадзены мілаце Божай на дзею, якую і справілі.
27. Дабраўшыся туды і склікаўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што Бог учыніў зь імі і як Ён адчыніў дзьверы веры язычнікам;

Евангельле паводле Яна 9.39-10.9

39. І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нявідушчыя бачылі, а відушчыя асьлеплі.
40. Пачуўшы гэта, некаторыя фарысэі, што былі зь Ім, сказалі Яму: няўжо і мы сьляпыя?
41. Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б на сабе грэху; але як што вы кажаце, што бачыце, дык грэх застаецца на вас.
1. Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,
2. а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:
3. яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;
4. і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;
5. а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.
6. Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.
7. І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.
8. Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, - зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;
9. Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.