Памер шрыфту
Чытаньне за 2 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 2.14-19

14. Імя трэцяй ракі Хідэкель (Тыгр): яна працякае перад Асірыяй. Чацьвёртая рака Еўфрат.
15. І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго.
16. І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці;
17. а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш.
18. І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму.
19. Гасподзь Бог утварыў зь зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавек кожную душу жывую, так і было імя ёй.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 3.1-18

1. Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;
2. бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.
3. Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:
4. і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.
5. Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.
6. На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.
7. Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;
8. Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.
9. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
10. і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.
11. Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;
12. бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.
13. Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!
14. Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.
15. Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.
16. Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;
17. шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя.
18. Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!