Памер шрыфту
Чытаньне за 3 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 2.20-3.20

20. І назваў чалавек імёны ўсяму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным; але чалавеку не знайшлося памочніка, падобнага да яго.
21. І навёў Гасподзь Бог на чалавека моцны сон; і, калі ён заснуў, узяў адну рабрыну ягоную, і закрыў тое месца плоцьцю.
22. І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
23. І сказаў чалавек: вось, гэта костка ад касьцей маіх і плоць ад плоці маёй; яна будзе называцца жонкаю, бо ўзятая ад мужа свайго.
24. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць.
25. І былі абое голыя, Адам і жонка ягоная, і не саромеліся.
1. Зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў польных, якіх стварыў Гасподзь Бог. І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?
2. І сказала жанчына зьмею: плады з дрэваў мы можам есьці,
3. толькі пладоў з дрэва, якое пасярод раю, сказаў Бог, ня ежце і не чапайце іх, каб вам не памерці.
4. І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце;
5. але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, івы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло.
6. І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веду; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў.
7. І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі.
8. І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды; ісхаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі раю.
9. І паклікаў Гасподзь Бог Адама і сказаў яму: дзе ты?
10. Ён сказаў: голас твой я пачуў у раі, і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся.
11. І сказаў Бог: хто сказаў табе, што ты голы? ці ня еў ты з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці?
12. Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў.
13. І сказаў Гасподзь Бог жонцы: што гэта ты зрабіла? Жонка сказала: зьмей змусьціў мяне, і я ела.
14. І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго;
15. і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім іпаміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.
16. Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою.
17. А Адаму сказаў: за тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: «ня еж зь яго», праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца зь яе ва ўсе дні жыцьця твайго;
18. церне і ваўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою;
19. У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся.
20. І назваў Адам імя жонцы сваёй: Ева*, бо яна стала маці ўсіх, хто жыве.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 3.19-34

19. Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;
20. Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.
21. Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне іразважлівасьць:
22. і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.
23. Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.
24. Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.
25. Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;
26. бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.
27. Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.
28. Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш зсабою.
29. Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.
30. Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.
31. Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,
32. бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.
33. Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.
34. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.