Памер шрыфту
Чытаньне за 4 сакавіка 2017:


Пасланьне да Габрэяў 1.1-12

1. Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
2. у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
3. Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
4. будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
5. Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
6. Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».
7. Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь».
8. А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго - жазло праўды.
9. Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»;
10. І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзеля рук Тваіх;
11. яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
12. і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».

Евангельле паводле Марка 2.23-3.5

23. І давялося Яму ў суботу праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя дарогаю пачалі зрываць калосьсе.
24. І фарысэі сказалі Яму: глядзі, што яны робяць у суботу, чаго нельга рабіць.
25. Ён сказаў ім: няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?
26. Як увайшоў ён у дом Божы пры першасьвятары Авіятары і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому акрамя сьвятароў, і даў тым, што былі зь ім?
27. І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы;
28. таму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
1. І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою.
2. І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго.
3. А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне.
4. А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі.
5. І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.