Памер шрыфту
Чытаньне за 6 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 3.21-4.7

21. І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх.
22. І сказаў Гасподзь Бог: вось, Адам, зрабіўся як адзін з Нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы ні працягнуў руку сваю, і ня ўзяў таксама ад дрэва жыцьця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна.
23. І выслаў яго Гасподзь Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, зь якое ён узяты.
24. І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця. * Ева - жыцьцё
1. Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада.
2. І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб.
3. Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду;
4. і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага;
5. а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны.
6. І сказаў Гасподзь Каіну: чаго ты засмуціўся? і чаго панік твар твой?
7. калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 3.34-4.22

34. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.
35. Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.
1. Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму;
2. бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.
3. Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй.
4. І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.
5. Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!
6. Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.
7. Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.
8. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;
9. ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.
10. Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, - і памножацца гады твайго жыцьця.
11. Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.
12. Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся.
13. Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён - жыцьцё тваё.
14. Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;
15. пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.
16. бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;
17. бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п'юць віно рабунку.
18. Сьцежка праведных - як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.
19. А шлях бязбожных - як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.
20. Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;
21. хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:
22. бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.