Памер шрыфту
Чытаньне за 7 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 4.8-15

8. І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
9. І сказаў Гасподзь Каіну: дзе Авель, брат твой? Ён сказаў: ня ведаю; хіба явартаўнік брату майму?
10. І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі;
11. і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй;
12. калі ты будзеш урабляць зямлю, яна ня будзе болей даваць сілы сваёй табе; ты будзеш выгнанец і бадзяга на зямлі.
13. І сказаў Каін Госпаду: кара мая большая, чым зьнесьці можна:
14. вось, Ты цяпер зганяеш мяне з улоньня зямлі, і ад аблічча Твайго я зьнікну, і буду выгнанцам і бадзягам на зямлі; і кожны, хто спаткаецца са мною, заб'е мяне.
15. І сказаў яму Гасподзь: за тое кожнаму, хто заб'е Каіна, адпомсьціцца сямікроць. І зрабіў Гасподзь Каіну азнаку, каб ніхто, спаткаўшыся зь ім, не забіў яго.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 5.1-15

1. Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,
2. каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.
3. Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;
4. але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,
5. ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай.
6. Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.
7. Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.
8. Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,
9. каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;
10. каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.
11. І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,
12. і скажаш: «навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала,
13. і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў?
14. Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!»
15. Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.