Памер шрыфту
Чытаньне за 8 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 4.16-26

16. І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма.
17. І спазнаў Каін жонку сваю; і яна зачала і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад імем сына свайго: Энох.
18. У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад спарадзіў Мэхіяэля; Мэхіяэль спарадзіў Мафусала; Мафусал спарадзіў Ламэха.
19. І ўзяў сабе Ламэх дзьве жонкі: імя адной: Ада, і імя другой: Цыла.
20. Ада нарадзіла Явала: ён быў бацька тых, што жылі ў намётах са статкамі.
21. Імя брата ягонага Ювал: ён быў бацька ўсіх тых, што ігралі на гусьлях і жалейцы.
22. Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, які быў кавалём усіх спарудаў зь медзі і жалеза. І сястра Тувалкаіна Наэма.
23. І сказаў Ламэх жонкам сваім: Ада і Цыла, паслухайце голасу майго; жонкі Ламэхавыя, уважайце словам маім: я забіў чалавека на пошасьць мне і хлопчыка на рану мне;
24. калі за Каіна адпомсьціцца ўсямікроць, дык за Ламэха ў семдзесят разоў сямікроць.
25. І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін.
26. У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 5.15-6.3

15. Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.
16. Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах;
17. хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою.
18. Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці,
19. любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.
20. І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?
21. Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.
22. Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны.
23. Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца.
1. Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога,
2. і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх,
3. зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;