Памер шрыфту
Чытаньне за 10 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 5.32-6.8

32. Ною было пяцьсот гадоў; і спарадзіў Ной трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.
1. Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ў іх дочкі,
2. тады сыны Божыя ўбачылі дачок чалавечых, што яны прыгожыя, і бралі іх сабе за жонак, хто якую выбраў.
3. І сказаў Гасподзь Бог: ня вечна Духу Майму быць пагарджаным людзьмі, бо яны плоць; хай будуць дні іхнія сто дваццаць гадоў.
4. У той час былі на зямлі волаты, асабліва з таго часу, як сыны Божыя пачалі ўваходзіць да дачок людзкіх, яны пачалі нараджаць ім: гэта дужыя, спакон славутыя людзі.
5. І ўбачыў Гасподзь Бог, што вялікая разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе думкі і помыслы сэрца іхняга былі ва ўсе часы ліхія;
6. і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім.
7. І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх.
8. А Ной здабыў мілату прад вачыма Госпада Бога.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 6.20-7.1

20. Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;
21. навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю.
22. Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою:
23. бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця,
24. каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі.
25. Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі;
26. бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу.
27. Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго?
28. Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх?
29. Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны.
30. Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны;
31. але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго.
32. А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое;
33. пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца;
34. бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты,
35. ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.
1. Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.