Памер шрыфту
Чытаньне за 19 траўня 2017:


Дзеі Апосталаў 15.5-34

5. Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага.
6. Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.
7. Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;
8. і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;
9. і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
10. Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?
11. Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.
12. Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.
13. А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне:
14. Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;
15. і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:
16. «потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,
17. каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта».
18. Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.
19. Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,
20. а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:
21. бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.
22. Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,
23. напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.
24. Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі;
25. дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,
26. людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
27. І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.
28. Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:
29. устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя».
30. І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.
31. А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.
32. Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.
33. Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;
34. але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.

Евангельле паводле Яна 10.17-28

17. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;
18. ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: мáю ўладу аддаць яго і ўладу мáю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.
19. Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.
20. Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?
21. Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?
22. А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.
23. І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.
24. Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.
25. Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;
26. але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
27. авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
28. і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;