Памер шрыфту
Чытаньне за 12 сакавіка 2017:


Евангельле паводле Лукаша 24.36-53

36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне іразгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
43. І ўзяўшы, еў перад імі.
44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,
47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
48. а вы сьведкі гэтага;
49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.

Пасланьне да Габрэяў 1.10-2.3

10. І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзеля рук Тваіх;
11. яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
12. і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».
13. Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»?
14. Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?
1. Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
2. бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
3. дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,

Евангельле паводле Марка 2.1-12

1. Праз колькі дзён Ён прыйшоў у Капернаум і стала вядома, што Ён у доме.
2. Адразу сабраліся многія, так што ўжо і за дзьвярыма ня было месца, і Ён казаў ім слова.
3. І прыйшлі да Яго з паралізаваным, якога несьлі чацьвёра:
4. і, ня маючы як падысьці да Яго празь людзей, разабралі дах дома, дзе Ён быў і, пракапаўшыся, апусьцілі пасьцель, на якой ляжаў паралізаваны.
5. Ісус, як убачыў веру іхнюю, кажа пралізаванаму: дзіця! даруюцца табе грахі твае.
6. Тут сядзелі некаторыя кніжнікі і разважалі ў сэрцах сваіх:
7. Чаго Ён так блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?
8. Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць самі ў сабе, сказаў ім: навошта вы так разважаеце ў сэрцах вашых?
9. што лягчэй? альбо сказаць паралізаванаму: «даруюцца табе грахі?» альбо сказаць: «устань, вазьмі сваю пасьцель і хадзі?»,
10. але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, -кажа паралізаванаму:
11. табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
12. Той адразу ўстаў і, узяўшы пасьцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзіву даваліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.