Памер шрыфту
Чытаньне за 16 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 7.11-8.3

11. На шасьцісотым годзе жыцьця Ноевага, на другім месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень адчыніліся ўсе крыніцы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся;
12. і ліў на зямлю дождж сорак дзён і сорак ночаў.
13. У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сім, Хам і Яфэт, сыны Ноевыя, і жонка Ноева, і тры жонкі сыноў ягоных зь імі.
14. Яны, і ўся жывёла паводле роду іхняга, і ўсякае быдла паводле роду яго, і ўсе гады, паўзуны па зямлі, паводле роду іхняга, і ўсё лётнае паводле роду ягонага, усе птушкі, усе крылатыя.
15. І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця;
16. і тыя, што ўвайшлі, мужчынскі і жаночы пол усякай плоці ўвайшлі, як наказаў яму Гасподзь Бог. І зачыніў Гасподзь за ім.
17. І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён, і памножылася вада і падняўся каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю;
18. а вада мацнела і вельмі множылася на зямлі, і каўчэг плаваў па паверхні водаў.
19. І ўзмацнела вада на зямлі незвычайна, так што пакрыліся ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам:
20. на пятнаццаць локцяў паднялася над імі вада, і пакрыліся горы.
21. І зьнежыцьцёвела ўсякая плоць, якая рухаецца па зямлі, і птушкі і быдла, і зьвяры і ўсе гады, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі;
22. усё, што мела дыханьне духу жыцьця ў ноздрах сваіх на сушы, памерла.
23. Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, ігадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэзе.
24. А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзясят дзён.
1. І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся.
2. І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба.
3. А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзясят дзён.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 10.1-22

1. Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.
2. Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
3. Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
4. Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
5. Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.
6. Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
7. Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
8. Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
9. Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
10. Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
11. Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
12. Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
13. На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.
14. Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.
15. Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.
16. Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.
17. Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.
18. Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.
19. Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.
20. Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.
21. Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
22. Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.