Памер шрыфту
Чытаньне за 17 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 8.4-21

4. І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх.
5. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор.
6. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе
7. і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады.
8. Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі;
9. але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг.
10. І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга.
11. Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі.
12. Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго.
13. На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі.
14. І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла.
15. І сказаў Бог Ною:
16. выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою;
17. выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі.
18. І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім;
19. усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга.
20. І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік.
21. І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага - зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:

Кніга Выслоўяў Саламонавых 10.31-11.12

31. З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
32. Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.
1. Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
2. Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць.
3. Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
4. Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
5. Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
6. Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
7. Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
8. Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
9. Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
10. З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае.
11. Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
12. Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.