Памер шрыфту
Чытаньне за 20 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 8.21-9.7

21. І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага - зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:
22. наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца.
1. І дабраславіў Гасподзь Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю;
2. хай баяцца і хай трымцяць перад вамі ўся жывёла зямная і ўсе птушкі нябесныя, усё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: у вашыя рукі аддадзены яны;
3. усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як зеляніну траўную даю вам усё;
4. толькі плоці з душою яе, з крывёю яе, ня ежце:
5. Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага;
6. хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобраза Божага;
7. а вы пладзецеся і множцеся, і расьсяляйцеся паўсюль па зямлі і множцеся на ёй.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 11.19-12.6

19. Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
20. Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
21. Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
22. Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная.
23. Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў.
24. Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
25. Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
26. Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
27. Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
28. Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
29. Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
30. Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
31. Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
1. Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.
2. Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.
3. Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.
4. Дабрачынная жонка - вянок мужу свайму; а ганебная - як гнілізна ў касьцях у яго.
5. Помыслы праведных - праўда, а намыслы бязбожных - падступнасьць.
6. Словы бязбожных - засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.