Памер шрыфту
Чытаньне за 20 траўня 2017:


Дзеі Апосталаў 15.35-41

35. А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.
36. Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.
37. Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,
38. але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.
39. Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;
40. а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,
41. і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.

Евангельле паводле Яна 10.27-38

27. авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
28. і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;
29. Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
30. Я і Айцец - адно.
31. Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.
32. Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
33. Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.
34. Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: «Я сказаў: вы багі»?
35. Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, -
36. ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце «блюзьнерыш», бо Я сказаў: Я Сын Божы?
37. калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;
38. а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.