Памер шрыфту
Чытаньне за 22 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 9.18-10.1

18. Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана.
19. Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля.
20. Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;
21. і выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.
22. І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.
23. А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго.
24. Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны,
25. і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх.
26. Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму;
27. хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму.
28. І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
29. А ўсяго дзён Ноевых было дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў; і ён памёр.
1. Вось радавод сыноў Ноевых: Сіма, Хама і Яфэта. Пасьля патопу нарадзіліся ўіх дзеці.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 12.23-13.9

23. Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.
24. Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.
25. Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.
26. Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.
27. Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.
28. На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.
1. Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.
2. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло.
3. Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.
4. Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
5. Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
6. Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.
7. Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.
8. Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.
9. Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.