Памер шрыфту
Чытаньне за 23 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 10.32-11.9

32. Вось плямёны сыноў Ноевых, паводле радаводу іхняга, у народах іхніх. Ад іх расьсяліліся народы па зямлі пасьля патопу.
1. На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.
2. Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.
3. І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.
4. І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.
5. І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.
6. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;
7. сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.
8. І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.
9. Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 13.20-14.6

20. Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.
21. Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.
22. Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.
23. Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.
24. Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
25. Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.
1. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
2. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
3. У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
4. Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
5. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
6. Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.