Памер шрыфту
Чытаньне за 24 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 12.1-7

1. І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе;
2. і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве.
3. Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя.
4. І пайшоў Абрам, як сказаў яму Гасподзь; і зь ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.
5. І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане; і выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую.
6. І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхем, да дубровы Марэ: у гэтай зямлі тады жылі Хананэі.
7. І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. Іпаставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 14.15-26

15. Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
16. Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
17. Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
18. Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
19. Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.
20. Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
21. Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
22. Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
23. Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
24. Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
25. Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
26. У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.