Памер шрыфту
Чытаньне за 27 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 13.12-18

12. Абрам пачаў жыць на зямлі Ханаанскай; а Лот пачаў жыць у гарадах навакольля і раскінуў намёты да Садомы.
13. А жыхары Садомскія былі ліхія і вельмі грэшныя прад Госпадам.
14. І сказаў Гасподзь Абраму, пасьля таго як Лот аддзяліўся ад яго: узьвядзі вочы твае і зь месца, на якім ты цяпер, паглядзі на поўнач і на поўдзень, і на ўсход і на захад;
15. бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, табе дам Я і нашчадкам тваім навечна,
16. і зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямны; калі хто можа палічыць пясок зямны, дык і нашчадкі твае палічаны будуць;
17. устань, прайдзі па зямлі гэтай удаўжыню і ўшырыню яе: бо Я табе дам яе.
18. І рушыў Абрам з намётамі, і пайшоў, і пасяліўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хэўроне; і паставіў там ахвярнік Госпаду.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 14.27-15.4

27. Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
28. У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.
29. У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
30. Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.
31. Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
32. За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
33. Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
34. Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.
35. Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.
1. Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
2. Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
3. Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.
4. Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу.