Памер шрыфту
Чытаньне за 28 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 15.1-15

1. Пасьля гэтых падзей было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: ня бойся, Абраме; Я твой шчыт; узнагарода твая даволі вялікая.
2. Абрам сказаў: Валадару Госпадзе! што Ты дасі мне? я застаюся бязьдзетны: распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска.
3. І сказаў Абрам: вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой.
4. І было слова Госпада яму, і сказана: ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам.
5. І вывеў яго вонкі і сказаў: паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх. І сказаў яму: столькі будзе ў цябе наступнікаў.
6. Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць.
7. І сказаў яму: Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне.
8. Ён сказаў: Валадару Госпадзе! па чым пазнаць мне, што я буду валодаць ёю?
9. Гасподзь сказаў яму: вазьмі Мне трохгадовую цялушку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба.
10. Ён узяў іх, расьсек іх напалам і паклаў адну частку насупраць другое; толькі птушак не расьсек.
11. І наляцелі на трупы драпежныя птушкі; але Абрам адганяў іх.
12. Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама; і вось, апанаваў яго жах ізмрок вялікі.
13. І сказаў Гасподзь Абраму: ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў не сваёй зямлі, і паняволяць іх і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў;
14. але Я ўчыню суд над народам, у якога яны будуць у няволі: пасьля гэтага яны выйдуць зь вялікай маёмасьцю;
15. а ты адыдзеш да бацькоў тваіх у міры і будзеш пахаваны ў старасьці добрай;

Кніга Выслоўяў Саламонавых 15.7-19

7. Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.
8. Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.
9. Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
10. Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
11. Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
12. Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
13. Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
14. Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
15. Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
16. Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
17. Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.
18. Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.
19. Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.