Памер шрыфту
Чытаньне за 29 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 17.1-9

1. Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, і Гасподзь зьявіўся Абраму і сказаў яму: Я Бог Усемагутны; хадзі прад абліччам Маім і будзь беспахібны;
2. і пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і вельмі, вельмі памножу цябе.
3. І ўпаў Абрам на аблічча сваё. Бог гаварыў зь ім далей і сказаў:
4. Я - вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў,
5. і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў;
6. і вельмі, вельмі распладжу цябе, і выведу ад цябе народы, і цары пойдуць ад цябе;
7. і пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і наступнікамі тваімі пасьля цябе ў роды іхнія, запавет вечны ў тым, што Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх пасьля цябе;
8. і дам табе і нашчадкам тваім пасьля цябе зямлю, па якой ты вандруеш, усю зямлю Ханаанскую, у валоданьне вечнае; і буду ім Богам.
9. І сказаў Бог Абрагаму: ты ж датрымлівай запавет Мой, ты і наступнікі твае пасьля цябе ў роды іхнія.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 15.20-16.9

20. Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.
21. Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.
22. Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.
23. Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!
24. Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.
25. Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.
26. Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.
27. Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.
28. Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.
29. Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.
31. Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
32. Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.
33. Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.
1. Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.
2. Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.
3. Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.
4. Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.
5. Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.
6. Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.
7. Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.
8. Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.
9. Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.