Памер шрыфту
Чытаньне за 30 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 18.20-33

20. І сказаў Гасподзь: лямант Садомскі і Гаморскі, вялікі ён, і грэх іхні, цяжкі ён вельмі;
21. сыду і пагляджу, ці праўда яны паводзяцца так, які лямант на іх, што ўзыходзіць да Мяне, ці не; даведаюся.
22. І павярнуліся мужы адтуль і пайшлі ў Садому; а Абрагам яшчэ стаяў прад абліччам Госпада.
23. І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным?
24. магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзясят праведнікаў? няўжо Ты загубіш іне пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў?
25. ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?
26. Гасподзь сказаў: калі Я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзясят праведнікаў, дык я дзеля іх пашкадую ўсё месца гэта.
27. Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел:
28. можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць.
29. Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака.
30. І сказаў Абрагам: хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць.
31. Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці.
32. Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.
33. І пайшоў Гасподзь, перастаўшы гаварыць з Абрагамам: а Абрагам вярнуўся ўмесца сваё.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 16.17-17.17

17. Шлях у праведных - унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.
18. Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню - пыха.
19. Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.
20. Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.
21. Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.
22. Розум таму, хто мае яго, - крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных - дурнота.
23. Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.
24. Прыемная мова - сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.
25. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх - да сьмерці.
26. Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.
27. Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.
28. Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.
29. Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;
30. прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.
31. Вянок славы - сівізна на дарозе праўды.
32. Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.
33. На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны - ад Госпада.
1. Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.
2. Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.
3. Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.
4. Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.
5. Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.
6. Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія.
7. Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя.
8. Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.
9. Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.
10. На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.
11. Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.
12. Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.
13. Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.
14. Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.
15. Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду.
16. Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.
17. Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.