Памер шрыфту
Чытаньне за 31 сакавіка 2017:


Кніга Быцьця 22.1-18

1. І было, пасьля гэтых падзей Бог спакушаў Абрагама і сказаў яму: Абрагаме! Ён сказаў: вось я.
2. Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; іідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.
3. Абрагам устаў з самага рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух падлеткаў сваіх і Ісаака, сына свайго; накалоў дроў на цэласпаленьне і ўстаўшы пайшоў да месца, пра якое сказаў яму Бог.
4. На трэці дзень Абрагам узьвёў вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.
5. І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас.
6. І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне і паклаў на Ісаака, сына свайго; узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам.
7. І пачаў Ісаак гаварыць Абрагаму, бацьку свайму, і сказаў: бацька мой! Ён адказаў: вось я, сыне мой. Ён сказаў: вось агонь і дровы, дзе ж ягня на цэласпаленьне?
8. Абрагам сказаў: Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І яны ішлі абодва разам
9. і прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў.
10. І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.
11. Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я.
12. Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне.
13. І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за табою баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго.
14. І даў Абрагам назву месцу таму: Ягова-ірэ*. Таму і сёньня гаворыцца: на гары Яговы ўгледзіцца.
15. І другі раз заклікаў анёл Гасподні зь неба
16. і сказаў: Сабою прысягаю, кажа Гасподзь, што так, як ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,
17. дык Я дабраслаўляючы дабраслаўлю цябе і множачы памножу семя тваё гарадамі ворагаў сваіх;
18. і дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаўся голасу Майго.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 17.17-18.5

17. Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.
18. Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.
19. Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.
20. Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.
21. Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.
22. Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.
23. Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.
24. Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі.
25. Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.
26. Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.
27. Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.
28. І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.
1. Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.
2. Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.
3. З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба.
4. Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток.
5. Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.