Памер шрыфту
Чытаньне за 6 траўня 2018:


Евангельле паводле Яна 20.11-18

11. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
12. і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
14. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
16. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!
17. Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
18. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.

Дзеі Апосталаў 16.16-34

16. Сталася так, што, калі мы ішлі ў малітоўны дом, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам вяшчунскім, якая вяшчунствам давала вялікі прыбытак гаспадарам сваім.
17. Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала, кажучы: гэтыя людзі - рабы Бога ‹сявышняга, якія абвяшчаюць нам шлях збавеньня.
18. Гэтак рабіла яна многа дзён. Павал, абурыўшыся, павярнуўся і сказаў духу: імем Ісуса Хрыста загадваю табе выйсьці зь яе. І дух выйшаў у тую ж хвіліну.
19. Тады гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея на прыбытак іхні, схапілі Паўла і Сілу, і павалаклі на плошчу да начальнікаў.
20. І, прывёўшы іх да ваяводаў, сказалі: гэтыя людзі, Юдэі, падбухторваюць наш горад
21. і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня трэба ні прымаць, ні выконваць.
22. Людзі таксама паўсталі на іх; а ваяводы, сарваўшы зь іх вопратку, загадалі біць іх кіямі
23. і, даўшы ім шмат удараў, кінулі ў цямніцу, загадаўшы ахоўніку цямніцы пільна вартаваць іх;
24. атрымаўшы гэтакі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную цямніцу і ногі ім ушчаміў у калоду.
25. Пад поўнач Павал і Сіла, молячыся, славілі песьняй Бога; а вязьні слухалі іх.
26. Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі.
27. Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі.
28. Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут.
29. Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы,
30. і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае! што мне рабіць, каб уратавацца?
31. А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой.
32. І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго.
33. І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя;
34. і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што ўвераваў у Бога.

Евангельле паводле Яна 9.1-38

1. І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду.
2. Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы?
3. Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя;
4. Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць;
5. пакуль Я ў сьвеце, Я - сьвятло сьвету.
6. сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому,
7. і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы.
8. Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны?
9. Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я.
10. Тады пыталіся ў яго: як адкрыліся ў цябе вочы?
11. Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: «ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся». Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы.
12. Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.
13. Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў.
14. А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы.
15. Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу.
16. Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода.
17. Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок.
18. Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага
19. і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?
20. Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы;
21. а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа.
22. Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі;
23. вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце.
24. І вось, другі раз паклікалі чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: узьнясі хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той - грэшнік.
25. Ён сказаў ім у адказ: ці грэшнік Ён, ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.
26. Зноў спыталіся ў яго: што зрабіў Ён з табою? як адамкнуў твае вочы?
27. адказваў ім: я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? альбо і вы хочаце зрабіцца Ягонымі вучнямі?
28. А яны дакаралі яго і сказалі: ты вучань Ягоны, а мы Майсеевыя вучні;
29. мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.
30. Чалавек відушчы сказаў ім у адказ: гэта якраз і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адамкнуў мне вочы.
31. Але мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, а хто шануе Бога і выконвае волю Ягоную, таго слухае:
32. спрадвеку ня чулі, каб хто адамкнуў вочы таму, хто ўрадзіўся сьляпы;
33. калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.
34. Сказалі яму ў адказ: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас яшчэ вучыш? І выгналі яго прэч.
35. Ісус, пачуўшы, што выгналі яго прэч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?
36. Ён адказваў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
37. Ісус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою.
38. А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму.