Памер шрыфту
Чытаньне за 1 красавіка 2017:


Пасланьне да Габрэяў 9.24-28

24. Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
25. і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
26. інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
27. І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
28. так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.

Евангельле паводле Марка 8.27-31

27. І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
28. Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія - за Ільлю, а іншыя - за аднаго з прарокаў.
29. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты - Хрыстос.
30. І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
31. І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.