Памер шрыфту
Чытаньне за 2 красавіка 2017:


Евангельле паводле Яна 20.19-31

19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.
26. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
27. Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.
28. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!
29. Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі.
30. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;
31. а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.

Пасланьне да Габрэяў 9.11-14

11. Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
12. і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
13. Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
14. дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!

Евангельле паводле Марка 10.32-45

32. Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, аяны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:
33. вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;
34. і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
35. Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
36. Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?
37. Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.
38. Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Яп'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
39. Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п'ю, будзеце піць, іхрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;
40. а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч - не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.
41. І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.
42. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;
43. але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;
44. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;
45. бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.