Памер шрыфту
Чытаньне за 4 красавіка 2017:


Кніга Быцьця 31.3-16

3. І сказаў Гасподзь Якаву: вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і на радзіму тваю: і Я буду з табою.
4. І паслаў Якаў, і паклікаў Рахіль і Лію ў поле, да статку дробнага быдла свайго,
5. і сказаў ім: я бачыў твар бацькі вашага, што ён да мяне не такі, як быў учора і заўчора; але Бог бацькі майго быў са мною;
6. вы самі ведаеце, што я з усяе сілы служыў бацьку вашаму,
7. а бацька ваш ашукваў мяне і разоў дзесяць перамяняў узнагароду маю; але Бог не дапусьціў яго зрабіць мне ліха.
8. Калі сказаў ён, што быдла з плямкамі будзе табе ўзнагародаю, дык быдла ўсё радзіла з плямкамі. А калі ён сказаў: пярэстыя будуць табе ўзнагародаю, дык усё быдла і радзіла пярэстых.
9. І адабраў Бог быдла ў бацькі вашага і даў мне.
10. Аднаго разу ў такую пару, калі быдла зачынае, я паглядзеў і ўбачыў у сьне, і вось казлы, якія падняліся на быдла, пярэстыя з плямкамі і стракацінамі.
11. Анёл Божы сказаў мне ў сьне: Якаве! Я сказаў: вось я.
12. Ён сказаў: падымі вочы твае і паглядзі: усе казлы, што падняліся на быдла, пярэстыя, з плямкамі і стракацінамі; бо Я бачу ўсё, што Лаван робіць з табою;
13. Я Бог у Вэтылі, дзе ты паліў алеем помнік і даў Мне зарок; цяпер устань, выйдзі зь зямлі гэтай і вярніся да зямлі радзіны тваёй.
14. Рахіль і Лія сказалі яму ў адказ: ці ёсьць нам яшчэ доля і спадчына ў доме бацькі нашага?
15. ці ня чужымі ён лічыць нас? бо ён прадаў нас і зьеў нават срэбра наша;
16. таму ўсё багацьце, якое Бог адабраў у бацькі нашага, ёсьць нашае і дзяцей нашых; дык вось, рабі ўсё, што Бог сказаў табе.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 21.3-21

3. Справядлівасьць і праўду чыніць - больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра.
4. Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў - грэх.
5. Задумы руплівага вядуць да дастатку, а кожны сквапны церпіць нястачу.
6. Набываньне скарбу ілжывым языком - мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці.
7. Гвалт бязбожных абернецца супроць іх, бо яны выракліся праўды.
8. Крывая дарога ў чалавека разбэшчанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабожныя.
9. Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.
10. Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.
11. Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.
12. Праведнік назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя ў няшчасьце.
13. Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - іня будзе пачуты.
14. Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху - моцную лютасьць.
15. Чыніць правасудзьдзе - радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.
16. Чалавек, які зьбіўся з дарогі розуму, спачне ў зборні мёртвых.
17. Хто любіць весялосьць - зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці - не разбагацее.
18. Выкупам будзе за праведнага бязбожны, і за пабожнага - хітры.
19. Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю.
20. Жаданы скарб і масьць - у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх.
21. Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу.