Памер шрыфту
Чытаньне за 6 красавіка 2017:


Кніга Быцьця 46.1-7

1. І выправіўся Ізраіль з усім, што ў яго было, і прыйшоў у Вірсавію, і прынёс ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.
2. І сказаў Бог Ізраілю ва ўяве начной: Якаве! Якаве! Ён сказаў: вось я.
3. Бог сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; ня бойся ісьці ў Егіпет, бо там павяду ад цябе народ вялікі;
4. Я пайду з табою ў Егіпет, я і выведу цябе назад; Язэп сваёю рукою закрые вочы твае.
5. Якаў выправіўся зь Вірсавіі; і павезьлі сыны Ізраілевыя Якава, бацьку свайго і дзяцей сваіх і жонак сваіх на калясьніцах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.
6. І ўзялі яны быдла сваё і маёмасьць сваю, якую набылі ў зямлі Ханаанскай, іпрыйшлі ў Егіпет, - Якаў і ўвесь род ягоны зь ім.
7. Сыноў сваіх і ўнукаў сваіх з сабою, дачок сваіх і ўнучак сваіх і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 23.15-24.5

15. Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;
16. і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.
17. Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;
18. бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.
19. Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
20. Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам:
21. бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.
22. Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.
23. Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.
24. Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага - радуецца зь яго.
25. Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.
26. Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:
27. бо распусьніца - глыбокая прорва, а чужая жонка - вузкі калодзеж;
28. яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.
29. У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?
30. У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.
31. Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;
32. пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід;
33. вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;
34. і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.
35. І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.»
1. Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:
2. бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.
3. Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,
4. і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.
5. Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.