Памер шрыфту
Чытаньне за 8 красавіка 2017:


Пасланьне да Габрэяў 12.28-13.8

28. І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
29. таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».
1. Браталюбства, між вамі няхай будзе.
2. Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
3. Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
4. Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
5. Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
6. так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»
7. Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
8. Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.

Евангельле паводле Яна 11.1-45

1. Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.
2. А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.
3. Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.
4. Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.
5. А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.
6. Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.
7. Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.
8. Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?
9. Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;
10. а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.
11. Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
12. Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.
13. Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.
14. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
15. і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.
16. Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.
17. Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
18. А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,
19. і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі - суцешыць іх у смутку па браце іхнім.
20. Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.
21. Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;
22. але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
23. Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
24. Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.
25. Ісус сказаў ёй: Я - уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве;
26. і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?
27. Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.
28. Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.
29. Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.
30. Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
31. Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы - плакаць там.
32. А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
33. Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
34. і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
35. Ісус заплакаў сьлязьмі.
36. Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
37. А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
38. А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
39. Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
40. Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
41. І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
42. Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
43. Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
44. І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
45. Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;