Памер шрыфту
Чытаньне за 9 красавіка 2017:


Евангельле паводле Мацьвея 21.1-11, 15-17

1. І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
2. сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.
3. І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; іадразу пашле іх.
4. А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
5. «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад'ярэмнай».
6. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус,
7. прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.
8. Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце здрэў і пасьцілалі на дарозе;
9. а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна* Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях!
10. І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта?
11. А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.
[...]
15. А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся.
16. і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?».
17. І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.

Пасланьне да Філіпянаў 4.4-9

4. Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.
5. Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.
6. Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, -
7. і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.
8. Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, - тое і майце наўме.
9. Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, - і Бог міру будзе з вамі.

Евангельле паводле Яна 12.1-18

1. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
2. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.
3. А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
4. Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
5. Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
6. А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
7. А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
8. убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне - не заўсёды.
9. Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
10. А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
11. бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
12. На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
13. узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
14. А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
15. «ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».
16. Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
17. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
18. таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.