Памер шрыфту
Чытаньне за 22 траўня 2017:


Дзеі Апосталаў 17.1-15

1. Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.
2. Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў,
3. адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам.
4. І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, - як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала.
5. А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей.
6. А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды,
7. а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса.
8. І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта,
9. але гэтыя, атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх.
10. А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.
11. Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць.
12. І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала.
13. Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей.
14. Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там.
15. Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся.

Евангельле паводле Яна 11.47-57

47. Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:
48. калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, - і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.
49. А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;
50. падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.
51. Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,
52. і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.
53. З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
54. Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
55. Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.
56. Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
57. А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.