Памер шрыфту
Чытаньне за 12 красавіка 2017:


Евангельле паводле Яна 12.17-50

17. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
18. таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
19. А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
20. Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
21. яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
22. Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
23. А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
24. Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
25. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
26. Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.
27. Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;
28. Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.
29. А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.
30. Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;
31. сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.
32. І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.
33. Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
34. Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?
35. Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;
36. пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.
37. Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
38. хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
39. Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
40. «народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
41. Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
42. Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
43. бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
44. А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
45. і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46. Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
47. І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.
48. Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
49. Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.
50. І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.

Кніга Выхаду 2.11-22

11. Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін бэе аднаго Габрэя з братоў ягоных.
12. Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна ісхаваў яго ў пяску.
13. І выйшаў ён на другі дзень, і вось, два Габрэі сварацца; і сказаў ён крыўдзіцелю: навошта ты бэеш блізкага твайго?
14. А той сказаў: хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: правільна, даведаліся пра гэтую справу.
15. І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жы ў зямлі Мадыямскай і сеў каля калодзежа.
16. У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
17. І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх.
18. І прыйшлі яны да Рагуіла, бацькі свайго, і ён сказаў: што вы так хутка прыйшлі сёньня?
19. Яны сказалі: нейкі Егіпцянін абараніў нас ад пастухоў, і нават начэрпаў нам вады і напаіў авечак.
20. Ён сказаў дочкам сваім: дзе ж ён? навошта вы яго пакінулі? клікніце яго, і хай ён есьць хлеб.
21. Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору.
22. Яна нарадзіла сына, і даў яму імя: Гірсам, бо, казаў ён, я зрабіўся прыхаднем у чужой зямлі.

Кніга Ёва 2.1-10

1. Быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў ісатана стаць прад Госпадам.
2. І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? І адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
3. І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу тваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла, і дагэтуль цьвёрды ў сваёй беззаганнасьці, а ты цьвяліў Мяне супроць яго, каб загубіць яго бязьвінна.
4. І адказаў сатана Госпаду і сказаў: скуру за скуру, а за жыцьцё сваё аддасьць чалавек усё, што ёсьць у яго;
5. але працягні руку Тваю і дакраніся да косткі ягонай і плоці ягонай, - ці дабраславіць ён Цябе?
6. І сказаў Гасподзь сатане: вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу ягоную ашчадзі.
7. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга і пабіў Ёва праказаю лютаю ад падэшвы нагі ягонай па самае цемя ягонае.
8. І ўзяў ён сабе чарапічыну, каб скабліць сябе ёю, і сеў у попел.
9. І сказала яму жонка ягоная: ты ўсё яшчэ цьвёрды ў беззаганнасьці тваёй! згань Бога і памры.
10. Але ён сказаў ёй: ты гаворыш, як неразумная. Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць? Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.

Евангельле паводле Мацьвея 26.6-16

6. Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
7. прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага іліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
8. Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
9. бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
10. Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
11. бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
12. бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
13. праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
14. Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
15. і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
16. і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.