Памер шрыфту
Чытаньне за 13 красавіка 2017:


Евангельле паводле Лукаша 22.1-39

1. Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;
2. і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
3. І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,
4. і ён пайшоў і гутарыў зь першасьятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.
5. Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;
6. і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.
7. І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
8. і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
9. А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
10. Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
11. і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
12. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
13. Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
14. І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
15. і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
16. бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
17. І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
18. бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
19. І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
20. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
21. і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
22. у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
24. А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
25. Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
26. а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
27. Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
28. Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
29. і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
30. каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
31. І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
32. але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
33. Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
34. Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
35. І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
36. Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
37. бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
38. Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
39. І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.

Кніга Выхаду 19.10-19

10. І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра; хай вымыюць вопратку сваю,
11. каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Гасподзь на вачах ва ўсяго народу на гару Сінай;
12. і правядзі народу рысу з усіх бакоў і скажы: сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе: кожны, хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці;
13. хай рука не дакранецца да яго, а хай пабэюць яго камянямі, альбо застрэляць стралою; хай то быдла, хай чалавек, а хай не застанецца жывы; у час працяглага трубнага гуку, могуць яны ўзысьці на гару.
14. І сышоў Майсей з гары да людзей і асьвяціў людзей, і яны вымылі вопратку сваю.
15. І сказаў народу: будзьце гатовыя да трэцяга дня; не дакранайцеся да жонак.
16. На трэці дзень, як занялася раніца, былі грымоты і маланкі, і густая хмара над гарою і трубны гук даволі моцны: і затрымцеў увесь народ, які быў у табары.
17. І вывеў Майсей людзей з табара насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары.
18. А гара Сінай уся дымілася ад таго, што Гасподзь сышоў на яе ў агні; і падымаўся ад яе дым, як дым зь печы, і ўся гара моцна хісталася:
19. і гук трубны рабіўся мацнейшы і мацнейшы. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму голасам.

Кніга Ёва 38.1-23, 42.1-5

1. Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:
2. хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?
3. Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:
4. дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.
5. Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?
6. На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,
7. пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?
8. Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,
9. калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,
10. і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,
11. і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?
12. Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,
13. каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,
14. каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,
15. і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?
16. Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?
17. Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?
18. Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?
19. Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?
20. Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.
21. Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.
22. Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,
23. якія сьцерагу я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?
[...]
1. Адказваў Ёў Госпаду і сказаў:
2. ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.
3. Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? - Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў.
4. Выслухай, усклікаў я, і я буду гаварыць, і пра што буду пытацца ў Цябе, растлумач мне.
5. Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе;

Кніга прарока Ісаі 50.4-11

4. Гасподзь Бог даў Мне язык мудрых, каб Я мог словам мацаваць зьнямоглага: кожнае раніцы Ён будзіць, будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань.
5. Гасподзь Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад.
6. Я аддаў хрыбет Мой тым, што б'юць, і шчокі Мае - пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня.
7. І Гасподзь Бог дапамагае Мне: таму Я не саромеюся, таму Я трымаю твар Мой, як крэмень, і ведаю, што не застануся ў ганьбе.
8. Блізкі Апраўдальнік Мой; хто хоча спаборнічаць са Мною? станем разам. Хто хоча судзіцца са Мною? хто падыдзе да Мяне.
9. Вось, Гасподзь Бог дапамагае Мне: хто асудзіць Мяне? Вось, усе яны як вопратка зьлядашчацца; моль зьесьць іх.
10. Хто з вас баіцца Госпада, слухаецца голасу Раба Ягонага? Хто ходзіць у мораку, безь сьвятла, хай спадзяецца на імя Госпада і хай мацуецца ў Богу сваім.
11. Вось, усе вы, што разводзіце агонь, запасеныя запальнымі стрэламі, ідзеце ў полымя агню вашага і стрэлаў, распаленых вамі! Гэта будзе вам ад рукі Маёй: у пакутах сканаеце.

1-е пасланьне да Карынцянаў 11.23-32

23. Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб
24. і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: «прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне».
25. Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: «гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне».
26. Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п'яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
27. А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.
28. Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п'е з чары гэтай.
29. Бо, хто есьць і п'е нягожа, той есьць і п'е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.
30. Ад таго многія з вас нядужыя і хворыя, і шмат хто памірае.
31. Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;
32. а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.

Евангельле паводле Мацьвея 26.1-20

1. І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
2. вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
3. Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
4. і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
5. але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
6. Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
7. прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага іліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
8. Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
9. бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
10. Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
11. бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
12. бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
13. праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
14. Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
15. і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
16. і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
17. У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
18. Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
20. Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;

Евангельле паводле Яна 13.3-17

3. Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
4. устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
5. потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
6. Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
7. Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
8. Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
9. Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
10. Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
11. Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
12. А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
13. Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
14. Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
15. бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
16. Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
17. Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.

Евангельле паводле Мацьвея 26.21-39

21. І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
22. Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
23. А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
24. зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
25. У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
26. А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
27. І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
28. бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
29. Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
30. І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
31. Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
32. А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
33. У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
34. Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
35. Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
36. Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
37. І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
38. Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
39. І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.

Евангельле паводле Лукаша 22.43-45

43. І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
44. І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
45. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,

Евангельле паводле Мацьвея 26.40-27.2

40. І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
41. чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
42. Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
43. І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
44. І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
46. устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
47. І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
48. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
49. І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
50. Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
51. І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
52. Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;
53. альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
54. як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
55. У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
56. А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57. А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
58. А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
59. Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
60. і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
61. і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
62. І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
63. А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64. Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
65. Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
66. Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
67. Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
68. і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
69. А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
70. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
71. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
72. І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
73. Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
74. Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
75. І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.
1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
2. і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.