Памер шрыфту
Чытаньне за 14 красавіка 2017:


Кніга Выхаду 33.11-23

11. І гаварыў Гасподзь з Майсеем вока на вока, як бы гаварыў хто зь сябрам сваім; і ён вяртаўся ў табар; а служка ягоны Ісус, сын Наваў, хлопец, не адлучаўся ад скініі.
12. Майсей сказаў Госпаду: вось, Ты кажаш мне: вядзі народ гэты, а не адкрыў мне, каго пашлеш са мною, хоць ты сказаў: «Я ведаю цябе па імю, і ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх»;
13. дык вось калі я набыў упадабаньне ў вачах Тваіх, дык прашу: адкрый мне шлях Твой, каб я спазнаў Цябе, каб набыў упадабаньне ў вачах Тваіх; і падумай, што гэтыя людзі народ Твой.
14. А Ён сказаў: Сам Я пайду і ўвяду цябе ў спакой.
15. сказаў Яму: калі ня пойдзеш Ты Сам, дык і ня выводзь нас адгэтуль:
16. бо з чаго даведацца, што я і народ Твой набылі ўпадабаньне ў вачах Тваіх? ці не з таго, што Ты пойдзеш з намі? тады я і народ Твой будзем слаўнейшыя за любы народ на зямлі.
17. І сказаў Гасподзь Майсею: і тое, пра што ты казаў, Я зраблю, бо ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх, і Я ведаю цябе па імю.
18. Сказаў: пакажы мне славу Тваю.
19. І сказаў: Я правяду перад табою ўсю славу Маю і абвяшчу імя Яговы перад табою: і каго памілаваць - памілую, каго пашкадаваць - пашкадую.
20. І потым сказаў Ён: аблічча Майго табе нельга ўбачыць, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне і застацца жывым.
21. І сказаў Гасподзь: вось месца ў Мяне: стань на гэтай скале;
22. а калі будзе праходзіць слава Мая, Я пастаўлю цябе ў расколіне скалы і накрыю цябе рукою Маёю, пакуль не прайду;
23. і калі прыму руку Маю, ты ўбачыш Мяне ззаду, а аблічча Маё ня будзе відно.

Кніга Ёва 42.12-17

12. І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц.
13. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.
14. І даў ён першай імя Эміма, імя другой - Касія, а імя трэцяй - Керэнгапух.
15. І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі.
16. Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацьвёртага роду.
17. І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі.

Кніга прарока Ісаі 52.13-53.12

13. Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.
14. Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе, - так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!
15. Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.
1. Госпадзе! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Гасподняя?
2. Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.
3. Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго.
4. Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам.
5. Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся.
6. Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, - і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас.
7. Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх.
8. Зь вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? бо Ён адарваны ад зямлі жывых; за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць.
9. Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных.
10. Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты; калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Гасподняя пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай.
11. На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе.
12. Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам.

Кніга прарока Ісаі 54.1-17

1. Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.
2. Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, - адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;
3. бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.
4. Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.
5. Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф - імя Яго, і Адкупнік твой - Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.
6. Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.
7. На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.
8. У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.
9. Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.
10. Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, - а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.
11. Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін ізраблю аснову тваю з сапфіраў;
12. і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю - з жамчужын, і ўсю агароджу тваю - з каштоўных камянёў.
13. І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.
14. Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.
15. Вось, будуць узбройвацца супроць цябе, але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, - загіне.
16. Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, - і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.
17. Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, - ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.

1-е пасланьне да Карынцянаў 1.18-2.2

18. Бо слова пра крыж для пагібельных - юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая!
19. Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».
20. Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?
21. Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.
22. Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;
23. а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,
24. а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;
25. бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.
26. Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;
27. але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
28. і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;
29. на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.
30. Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,
31. каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».
1. І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.
2. Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым - укрыжаванага.

Евангельле паводле Мацьвея 27.1-38

1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
2. і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
3. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
4. кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
6. Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
7. І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
8. таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;
9. тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
10. і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
11. Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
12. І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
13. Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
14. І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
15. А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога бхацелі.
16. Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
18. Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
20. Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
21. Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
23. А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
25. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
26. Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.
27. Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
28. і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;
29. і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
30. і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
31. І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.
32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.
33. І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,
34. далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
35. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;
36. і, седзячы, вартавалі Яго там;
37. і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
38. Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

Евангельле паводле Лукаша 23.39-43

39. Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.
40. А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?
41. і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.
42. І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
43. І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.

Евангельле паводле Мацьвея 27.39-54

39. А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
40. і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.
41. Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:
42. іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
43. спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
44. Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.
45. Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.
46. а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
47. Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.
48. І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
49. а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
50. А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
51. І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;
52. і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
53. і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.
54. А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.

Евангельле паводле Яна 19.31-37

31. Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
32. І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
33. а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені,
34. а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
35. І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
36. бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
37. Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».

Евангельле паводле Мацьвея 27.55-61

55. Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
56. сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
57. Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;
58. ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
59. І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном
60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.
61. Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.