Памер шрыфту
Чытаньне за 15 красавіка 2017:


Кніга прарока Езэкііля 37.1-14

1. Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей,
2. і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія.
3. І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта.
4. І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: «косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!»
5. Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце.
6. І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
7. Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю.
8. І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх.
9. Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, ідыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць.
10. І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, - і яны ажылі і сталі на ногі свае - досыць, вялікае полчышча.
11. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя - увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: «высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня».
12. Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую.
13. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых,
14. і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай - і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта - і зрабіў, кажа Гасподзь.

1-е пасланьне да Карынцянаў 5.6-8

6. Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста?
7. Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.
8. А таму будзем сьвяткаваць не са старою закваскаю, не з закваскаю заганы і падступнасьці, а з праснакамі чысьціні і праўды.

Пасланьне да Галятаў 3.13-14

13. Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем - бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
14. каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.

Евангельле паводле Мацьвея 27.62-66

62. На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата
63. і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;
64. дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65. А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.
66. Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.

Пасланьне да Рымлянаў 6.3-11

3. Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
4. Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
5. Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
6. ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
7. бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
8. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
9. ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
10. Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
11. Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Евангельле паводле Мацьвея 28.1-20

1. Як прайшла субота, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
2. І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў зь неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;
3. выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбраньне ягонае белае, як сьнег.
4. І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.
5. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага;
6. няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;
7. ды ідзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс зь мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.
8. І пайшоўшы сьпешна ад магілы, яны са страхам і радасьцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным;
9. калі ж ішлі яны паведаміць вучням Ягоным, і вось, Ісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму.
10. Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзеце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ўГалілею, і там яны ўбачаць мяне.
11. А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што адбылося.
12. І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,
13. кажучы: скажэце, што вучні Ягоныя, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;
14. і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас ад няпрыемнасьці ўратуем.
15. Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сёньняшняга дня.
16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.