Памер шрыфту
Чытаньне за 9 траўня 2018:


Дзеі Апосталаў 18.22-28

22. Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію.
23. І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў.
24. Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс.
25. Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае.
26. Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні.
27. А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою:
28. бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.

Евангельле паводле Яна 12.36-47

36. пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.
37. Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
38. хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
39. Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
40. «народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
41. Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
42. Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
43. бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
44. А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
45. і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46. Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
47. І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.